Вандроўка да Пінска

29.06.2023

Адкуль творчыя людзі бяруць натхненне? З лiтаратуры, уласнага жыццёвага вопыту, наваколля... А таксама – з вандровак.

24 чэрвеня 2023 г., у чарговы раз, старшыня прафкама каледжа Н.С. Хурсiк вывезла сваiх калег “пабачыць свет” i падтрымаць iх сiлы напярэдаднi выпрабавання сесіяй.

Паездка склалася цікавая і пазнавальная, а праграма – насычаная і разнастайная. Вось яе асноўныя моманты:

БогоматерьПершы прыпынак. Гарадскі пасёлак Лагішын у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. У 1495 годзе пасёлак упершыню ўзгадваецца, а у другой палове XVI ст. атрымлiвае Магдэбурскае права. Сёння ў Лагішыне налічваецца каля 2000 чалавек, якiя ганарацца сваiмi упрыгожанымi ружамi дварамi i, у асаблiвасцi, касцёлам святых Пятра і Паўла. Нэагатычны касцёл пабудаваны ў 1910 годзе і славіцца цудадзейнай каранаванай іконай Маці Божай Лагішынскай – Каралевы Палесся.

Рушым далей. “Разыначка” Палесся – аграгарадок Моталь ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці.

На месцы гэтага населенага пункта людзі з’явіліся ў каменным веку – звыш за 100 вякоў таму! На пытанне “Што ж яны тут рабілі ў такі аддалены час?” кожны матаўлянін адкажа: плённа працавалі! Гэтая прага дзейнасцi ў матаўлян захоўваецца i па сёння: на 4.000 жыхароў прыпадае 20 вытворчасцей, каля 40 гандлёвых кропак і каля 70 прадпрымальнікаў!

Нас сустрэлi заможныя i шчодрыя, гасцінныя i таленавітыя вяскоўцы. Яны адчынiлi для нас брамы Свята-Праабражэнскай царквы, далучылі да невераемнага абрада стварэння вясельнага караваю i пачаставалі знакамітымі “мотальскімі прысмакамі”.

Фiнальная кропка вандроўкi – “пярліна” Палесся горад Пінск, які ўпершыню ўзгадваецца ў 1097 годзе. Тут мы атрымалі асалоду ад горада і з боку рэчкі Піны (на цеплаходзе), і на “пешаходцы”  – гуляючы па 800-метровай вуліцы Леніна (раней – Вялікая Спасская, Вялікая Францысканская, Вялікая Кіеўская). Гэтая цэнтральная “артэрыя” горада ўпрыгожана будынкамi XIX ст. i стылю мадэрн, а "апраўлена" Касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі пры кляштары францысканцаў i Палацам Бутрымовічаў.

Адкуль жа творчыя людзі бяруць натхненне?
Адусюль! І самі ад сябе, і адзін ад аднога. Дайце супрацоўнікам каледжа пляцоўку – і яны тут жа зладзяць сапраўдны канцэрт!
Сыходзім у адпачынак з вялізнай валізай самых прыемных успамінаў і эмоцый і чакаем наступнай вандроўкі!

Глаз В.У., выкладчык
ЦК 
“Агульнаадукацыйныя дысцыпліны”
Змiеўская С.У., метадыст каледжа
Фотаздымкі Кулінковіча Г.В., Сiваковай А.Я., Змiеўскай С.У.

Фотогалерея: