Валерыя Гiлеўская – пераможца лiтаратурнага конкурсу!

07.02.2024

Віншуем Гілеўскую Валерыю, навучэнку групы 3 м/х, з перамогай у літаратурным конкурсе часопіса «Маладосць» на лепшы празаічны твор для моладзі!

Конкурс быў аб’яўлены год таму. І цягам 2023 года журы конкурса, рэдакцыйная калегія часопіса збіралі заяўкі, чыталі дасланыя творы – і выбралі лепшы. Твор Валерыі Гілеўскай «Адэкалонны тытунь» скарыў сэрцы журы «шчырымі аўтарскімі самапрызнаннямі, каларытнымі вобразамі, дакладнасцю і жыццёвасцю мастацкага адлюстравання, гарманічнасцю біпалярнай кампазіцыі, арыгінальнай назваю ды ўдалай моўнай характарыстыкай персанажаў» [з анонса часопіса «Маладосць» №1, 2024 г.].

Дазволім сабе прывесці словы Ігара ЗАПРУДСКАГА, рэдактара аддзела прозы часопіса «Маладосць»:

«Калегіяльна было вырашана з дасланых на конкурс тэкстаў прызнаць найлепшым апавяданне "Адэкалонны тытунь" Леры Гілеўскай.

Чым жа менавіта гэты твор прыцягнуў і выклікаў адзінадушныя сімпатыі экспертаў і членаў журы? Назавем некаторыя пункты як пералік аднародных членаў:
- выяўленнем рысаў выразнай творчай індывідуальнасці;
- шчырасцю аўтарскіх самапрызнанняў;
- каларытнасцю і акрэсленасцю вобразаў галоўнай гераіні і персанажаў другога плана;
- апісаннем рэалій сучаснага жыцця;
- неігнараваннем кантэксту літаратурнага мінулага;
- нязбедненасцю ідэйна-тэматычнай асновы твора;
- дакладнасцю і жыццёвасцю мастацкага адлюстравання;
- гарманічнасцю біпалярнай кампазіцыі;
- арыгінальнасцю назвы, якая карэлюе са зместам;
- удалай моўнай характарыстыкай персанажаў.

Галоўная гераіня апавядання Юля даволі легкадумная дзяўчына, якая настойліва займаецца эмацыйным тролінгам кавалераў і ёгай, а таксама піша вершы па-беларуску. Чытач мае магчымасць пазнаёміцца з некалькімі днямі, хутчэй, нават некалькімі эпізодамі з жыцця маладой гераіні нашага часу. Яна жыхарка сталіцы, таму ідэнтыфікаваць названыя мясціны Мінска, дзе адбываецца дзеянне, непраблематычна. Аўтарка вядзе шчырую гутарку пра пераадоленне сябе гераіняй, сродкам самавыражэння якой з’яўляецца не толькі мова і паэзія, але і такая небанальная рэч, як шкарпэткі. Ці не ёсць творчасць для яе ўцёкамі ад адзіноты, ад боязі-страху ўласнай закамплексаванасці?

Не пабаюся прадбачыць, што такая проза, з тэмамі білінгвізму, слэнгу, сяброўства, кахання, напружанай працы для будучай самарэалізацыі, дзякуючы актуальнасці праблематыкі і гендэрнай скіраванасці, будзе карыстацца папулярнасцю ў моладзі.

Сэнсавы акцэнт у загалоўку прапаную ставіць па гусце.

Смачнага прачытання!»

ЦК «Агульнаадукацыйныя прадметы»

Gilevskaya