Падарожжа ў Парыж i не толькi...

08.10.2024

Калі верыць прымаўцы “Хто як працуе – той так і адпачывае”, то выкладчыкі і супрацоўнікі УА “Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў” – існыя профі! Судзіце самі…

З нагоды Дня настаўніка (6 кастрычніка) і Дня работнікаў культуры (13 кастрычніка) старшыня прафкама каледжа Наталля Сцяпанаўна Хурсік арганізавала для нас цікавы, пазнавальны i прыгожы экскурсійны тур “Смілавічы – Дукора”. Мы наведалі музей “Прастора Хаіма Суціна” і музейны комплекс “Дукорскі маёнтак”.

Тэрытарыяльна недалёкае ад Мінску падарожжа прывяло нас, аднак, не толькo ў Смілавічы, але, здалося, і ў Вільнюс, і нават у Парыж! Столікі, крэслы, барная стойка XIX стагоддзя, панарама, гукі французскага акардэона i асаблiва майстэрства экскурсавода дапамаглi нам перанесцiся ў парыжскую кавярню “Ратонда”. А за кубачкам смачнай кавы, натуральна, здалося: зараз міма пройдзе Хаім Суцін з Амедэа Мадзільяні і Пабла Пікасса!

Пасля нас сустракала Дукора. Ды як сустракала! Гукамі сурмы (драўляная вялізная труба), своеасаблівым іспытам “Чарка на лязе”, чароўнай вершніцай, гасціннымі сужэнцамі, “гаспадарамі” Дукоры. Дзiўна, але ў Дукоры, якая знаходзiцца ўсяго ў 30 кіламетрах ад Мінска, мы перанесліся найшмат далей: у эпоху Асветніцтва, Рэнесанс, Сярэднявечча… Гісторыi, практыкаванні ў мятанні сякеры і дзіды, вялікая пазнавальная экскурсія i – “цвік праграмы” – спектакль. Тут ужо апладзiравалі не толькі мы, але і нам, бо ў галоўных ролях выступалі менавіта выкладчыкі каледжа.

Натхнёныя, уражаныя, запеставаныя ўвагай, адпачыўшыя, з новымі творчымі ідэямі мы вяртаемся ў Мінск – вяртаемся працаваць, вучыць, натхняць і песціць нашых навучэнцаў.

З Днём настаўніка, з Днём работнікаў культуры, шаноўныя калегі! Творчага, цудоўнага года!

Паводле нататкаў Глаз В.У., выкладчыка ЦК “Агульнаадукацыйныя прадметы”

Фотогалерея: