Дзень роднай мовы ў МДКМ
24.02.202521 лютага – міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды нашы выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры Юлія Васільеўна Жук і Юстына Іосіфаўна Огар распрацавалі цэлую праграму.
Пачаўся дзень з акцыі “Славутыя людзі зямлі беларускай”. У фае каледжа стаяла спецыяльная дошка, на якую ўсе жадаючыя маглі наклеіць запісанае на стыкеры імя выбітнога дзеяча беларускай культуры. І праблема была нават не ў тым, каго ж узгадаць у 8 раніцы… А ў тым, што імёнаў прыгадвалася так шмат, а жадаючых каго-небудзь напісаць падыходзіла ўсё болей і болей, што ўтвараліся вялізныя чэргі. Ведай нашых!
Далей групы першых курсаў аддзялення “Мастацтва” чакаў квэст-гульня “Беларуская скарбонка”. Квэст складаўся з разнапланавых заданняў:
- “Апрані ляльку” –з вялікага спіса трэба было выбраць назвы розных відаў беларускага народнага адзення і абутку . Думаеце, так лёгка? Зусім не! Сярод патрэбных слоў схаваліся словы-“самазванцы”. Вось, напрыклад: пас, поршні, убрус…
- Конкурс “словаведы” прапанаваў выбраць з трох варыянтаў правільнае азначэнне слова.
- Конкурс “З рога ўсяго многа” “схаваў” словы ў прыказках. Трэба было іх знайсці і дапісаць.
- Традыцыйны конкурс “Перакладчыкі”.
- Апрача таго, удзельнікам прапаноўваліся цікавыя пытанні пра вядомых гістарычных асоб і дзеячаў культуры ў конкурсе “Што? Дзе? Калі?”.
- Вельмі цікавы конкурс “Адгадай мелодыю” заснаваны нават не на музыцы, а на… эмодзі! Па значках/сімвалах трэба было расшыфраваць словы, здзагадацца што за беларуская песня і праспяваць яе.
Увесь квэст аб’ядноўвала загадка: “Чайнік для запарвання гарбаты”. А разгадаць яе можна было, паспяхова выканаўшы ўсе заданні конкурсаў. За кожнае заданне ўдзельнікі атрымоўвалі літару, і напрыканцы з гэтых літар мусілі скласці слова. А яшчэ на фінішы групы чакалі салодкія прызы ад арганізатараў свята.
Да таго ж у фае каля актавай залы зладзілі цікавую гульню “Вясёлыя каракулі”. Трэба было намаляваць слова, напісанае на картцы, за 10 секунд. Прычым адзін гулец не мусіў назіраць за працэсам, а ў канцы адгадваў гэтае слова, малюнак якога яму паказвалі астатнія ўдзельнікі каманды.
А файную фотазону ўпадабалі ўсе: і выкладчыкі, і навучэнцы, і нашыя госці.
Было традыцыйна цікава, пазнавальна і весела.
Дзякуем арганізатарам – Юліі Васільеўне Жук і Юстыне Іосіфаўне Огар.
ЦК “Агульнаадукацыйныя прадметы”