Прафсаюзная экскурсія «Браслаўскі талісман»
01.07.2026
«Каб любiць Беларусь нашу мiлую, трэба ў розных краях пабываць…» – нельга не згадзіцца з гэтымі словамі выбітнага беларускага паэта Алеся Ставера. Але 27 чэрвеня 2026 г. супрацоўнікі каледжа мастацтваў трошкі іх перайначылі: «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных яе куточках пабываць». Перайначылі і выправіліся ў чарговае традыцыйнае штогадовае падарожжа на Браслаўшчыну.
Гарады і пасёлкі на нашым шляху: Паставы, Відзы, Опса, Браслаў, Слабодка – ахіналі сваёй гісторыяй, песцілі хараством і веліччу сваіх храмаў (касцёл Нараджэння Дзевы Марыі, касцёл Святога Антонія Падуанскага, царква Святога Мікалая, стараверская Успенская царква, касцёл Святога Яна Хрысціцеля, касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны, касцёл Промыслу Божага). Экскурсавод Надзея Дударонак раскрыла для нас таямніцы сядзібы Плятэраў (г. Опса), правяла па Браслаўскай замкавай гары.
Так мы даехалі аж да самога аграгарадку Друя, што стаіць на мяжы з Латвіяй. Але вандроўнікі не толькі паглядзелі з берага на суседнія землі, не толькі дакрануліся да памежнага беларускага слупа, але і, – не паверыце! – дапамагалі князю Друцкаму, змагаліся з вікінгамі, знайшлі Барысаў камень! Так, экскурсавод, аніматар, чалавек неймавернай энергетыкі, Алесь Плыгаўка, неяк так начараваў сваёй анімацыйнай праграмай, што вандроўнікі палюбілі гэты багачэзны край усёй душой.
Напрыканцы падарожжа нас чакаў абед у сядзібе «Станіслаў двор» і чароўная музыка таленавітага квартэта.
Сапраўды, як не любіць нашу Беларусь, дзе жывуць такія таленавітыя, шчырыя, адкрытыя, добрыя, гасцінныя людзі?!
Сардэчна дзякуем за арганізацыю экскурсіі «Браслаўскі талісман» старшыні першаснай прафсаюзнай арганізацыі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму – Хурсік Наталлі Сцяпанаўне.
В.У.Глаз, выкладчык ЦК «Агульнаадукацыйныя прадметы»,
фотаздымкі Г.В.Кулінковіча, выкладчыка ЦК «Харэаграфічнае
мастацтва. Народная танцавальная мастацкая творчасць»


