Квэст-экскурсія ў Крэва
26.10.20264 кастрычніка 2026 г. у межах праекта “Раю наведаць” навучэнцы IV курса спецыяльнасці “Народная музычная мастацкая творчасць (харавая музыка)” Браўкоў Сцяпан, Белы Вадзім, Тышкевіч Яна, Ліпніцкая Ева і выкладчык гісторыі культуры В.У.Глаз здзейснілі падарожжа ў аграгарадок Крэва (Смаргонскі раён Гродненскай вобласці).
Гэта была не толькі экскурсія. Праект прадугледжвае распрацоўку плана вандроўкі, прыпынкі каля знакавых месцаў. Такім чынам, галоўных лакацый было 7. І каля кожнай навучэнцы мусілі выконваць заданні рознага кшталту (мастацкі чэлендж, загадкі, творчыя заданні і, канешне, арыентыраванне на мясцовасці). Больш за тое, і самі лакацыі былі зашыфраваныя, іх трэба было адгадаць па апісанні. 2,5 “крэўскія” гадзіны, кіламетры сцяжынак і дарог, дзясяткі тысяч крокаў, – і ўсе месцы, усе загадкі былі расшыфраваныя.
А маршрут склаўся такі: Крэўскі замак – Сінагога – Царква Аляксандра Неўскага – Касцёл Святога Юрыя – Камень-абярэг – Нямецкі дот Першай Сусветнай вайны – Юр’ева гара.
А напрыканцы падарожнікі атрымалі пачастункі ў падзяку ад самога Вялікага князя Вітаўта, якому, дарэчы, дапамаглі збегчы з Крэўскага замка.
Падарожнічайце па родных мясцінах! Раім.
Глаз В.У., выкладчык ЦК “Агульнаадукацыйныя прадметы”


